О ГЛАВНОМ

RSS
Янв
24

«яго можна назваць сучасным сабіральнікам нашай нацыі»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — пра мітрапаліта Філарэта

IMG_7422

22 студзеня 2021 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі горада Мінска адбыўся Калядны вечар Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла». Урачысты сход узначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Павіншаваўшы прысутных са светлымі святамі Раства Хрыстова і Богаяўлення, Уладыка Экзарх пажадаў усім суцяшэння і радасці ў гэтыя светлыя дні, натхнення на ўсё добрае і карыснае. Каб святло Хрыстоў адукоўваў кожнага, і, натхнёныя гэтым святлом, мы тварылі добрыя справы, ішлі шляхам збаўчым, знаходзячыся ў радасці пра Госпада.

На вечары прагучалі ўспаміны пра мітрапаліта Філарэта, заснавальніка і першага старшыні Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра. Мітрапаліт Веніямін згадаў пра тое, як шмат рабіў спачылы архіпастыр для таго, каб прывесці людзей да Бога, наколькі шматгранна было яго служэнне на ніве Хрыстовай.

DSC05928

Ад імя Рыма-Каталіцкай Царквы прысутных вітаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

Ваша Высокапрэасвяшчэнства многапаважаны мітрапалін Веніямін, паважанае духавенства, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прадстаўнікі навукі і культуры, браты і сёстры, спадарыні і спадары!

Найперш хацеў бы падзякаваць хрысціянскаму адукацыйнаму цэнтру за запрашэнне на гэты традыцыйны вечар, калядны вечар. Мы святкуем Каляды ў Беларусі даўжэй, чым у іншых краінах. Святкі распачынаюцца каталіцкім Раством і працягваюцца Святкі, як ведаем, да свята Хросту Пана ў Праваслаўнай Царкве. Гэта ўсё дае нам новыя магчымасці зразумець таямніцу Богаўцелаулення, тую таямніцу, якая змяніла свет, тую таямніцу, якая стала зваротным пунктам у гісторыі чалавецтва.

Прарок Ісайя ў Старым Запавеце прадказваў, што ў цемру, якая ахінула свет, менавіта грахоўную цемру, увайдзе святло. І гэта святло з’яўляецца — Езус Хрыстус, народжаны ў Віфлееме. Сёлета Святкі, здарылася так, што супалі з пераходам у дом Нябеснага Айца мітрапаліта Філарэта, чалавека, без якога, напэўна, не было бы духоўнага адраджэння Беларусі, чалавека, які залатымі літарамі ўпісаўся у сучасную гісторыю нашай Бацькаушчыны. Яго прызначылі кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы, яе прэдстаяцелем у далёкім 1978 годзе, калі панаваў яшчэ рэжым ваюючага атэізму. І тады на цёмным небасхіле гэтага атэістычнага рэжыму з’явілася свая беларуская віфлеемская зорка. Імя ёй — мітрапаліт Філарэт. Імя ёй — мітрапаліт Філарэт, які падобна таму, як гэта віфлеемская зорка прывяла ў Віфлеем пастушкоў, прывяла мудрацоў з Усходу, ён прывёў людзей да спаткання з Езусам. Ён адраджаў Беларускую Праваслаўную Царкву, і сведчанне гэтаму — новыя парафіі, новыя духоўныя школы і Хрысціянскі адукацыйны цэнтр, гэта таксама развіццё кнігадрукавання, развіццё дабрачыннасці, і гэтак і гэтак далей. Узначальваючы Беларускую Праваслаўную Царкву, ён глядзеў шырока на свет… ён будаваў масты паміж Царквою і грамадствам, паміж Царквою і дзяржаваю, паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і іншымі веравызнаннямі. Напэўна, яго можна назваць сучасным сабіральнікам нашай нацыі. Ён заслужыу павагу не толькі сярод праваслаўных, але і таксама сярод католікаў і сярод іншых веравызнанняў. Ён будавау масты з іншымі веравызнаннямі і таксама з Каталіцкім Касцёлам,  за гэта мы яму вельмі-вельмі ўдзячныя.

Скажу, што ён быў маім персанальным сябрам. Мы сябравалі. Больш таго, я называю яго таксама і сваім настаўнікам, і сёння дзякую яму за яго жыццё, дзякую яму за яго сяброўства, дзякую яму за тое, што ён будаваў гэтыя масты. Каталіцкі Касцёл… моліцца за душу новапрастаўленага мітрапаліта Філарэта. І старшыня Папскай Рады судзейнічання хрысціанскаму адзінству Курт Кох на імя мітрапаліта Веніяміна направіў адпаведны ліст, у якім выразіў удзячнасць мітрапаліту Філарэту за развіццё міжхрысціянскага дыялогу, у якім таксама заверыў аб малітвах Каталіцкага Касцёлу. З падобнымі лістамі выступіу таксама апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Андрэй Ёзіч, выступілі таксама і беларускія біскупы. Тыдзень таму я пайшоў у Свята-Духаў сабор, каб развітацца з гэтым вялікім чалавекам, развітацца з маім сябрам, а ў дзень пахавання, у мінулую пятніцу, у нашым кафедральным касцёле я служыў літургію, і шмат людзей прыйшло. Не было ніякога абэяулення, што у нядзелю набажэнства будзе, але людзі ведалі. Былі католікі, былі таксама і праваслаўныя. Мы аддалі памяць гэтаму вялікаму чалавеку і маліліся аб тым, каб Бог быш яму міласэрны. Наша краіна перажывае цяпер складаны час. У грамадстве, канешне, крызіс. Але тыя адносіны, якія існуюць у нашай краіне, таксама дзякуючы намаганням мітрапаліта Філарэта, адносіны паміж рознымі веравызнаннямі, — гэта добры прыклад, як нам, можа, розным, будаваць адзінства, асабліва ў гэтым годзе адзінства, як падкрэсліў мітрапаліт Веніямін. Сёння хацелася б у такой складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ўспомніць зварот мітрапаліта Філарэта перад прэзідэнцкімі выбарамі. Ён да ўсяго нашага народу звярнуўся з заклікам захоўваць закон, дзейнічаць паводле свайго сумлення і быць людзьмі, каб захаваць мір і спакой у нашай краіне. Гэта нішто іншае як яго запавет, і мы павінны яго выканаць. Я сёння жадаю Беларускай Праваслаўнай Царкве і асабліва духоўным школам, якія рыхтуюць будучых спецыялістаў, таксама і Хрысціянскаму адукацыйнаму цэнтру так іх рыхтаваць, каб яны былі моцнымі і справядлівымі, рыхтаваць іх на прынцыпах Евангелля, на прынцыпах вучэння Царквы. Гэтым самым мы выканаем гэты запавет мітрапаліта Філарэта і пабудуем нерукатворны помнік гэтаму вялікаму чалавеку, помнік, да якога дарога ніколі не зарасце!

DSC05498

 

Па матэрыялах church.by

Прамова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча апублікавана з неістотнымі скарачэннямі

Фота: church.by

Comments

Comments are closed.