О ГЛАВНОМ

RSS
Мар
02

СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ

default

Працяг

Праваслаўныя храмы XVII-XVIII стст.

Бязлітасныя войны, якія палыхалі на беларускіх землях у XV-XX стагоддзях, пашкодзілі і знішчылі большасць старажытных пабудоў. Усё, што засталася ад найпрыгажэйшых храмаў, — падчас толькі малюнкі мастакоў ды старыя фотаздымкі. Але некаторыя цэрквы XVII-XVIII стагоддзяў мы ўсё ж можам убачыць, няхай і ў значна змененым выглядзе…

СВЯТА-ДУХАЎСКАЯ
(ЗАРАЗ ТРАЕЦКАЯ) ЦАРКВА,

КУЦЕІНСКІ БОГАЯЎЛЕНСКІ МАНАСТЫР, ОРША
Свята-Духаўская (Траецкая) царква

Свята-Духаўская (з 1762 г. — Траецкая) царква

У 1620 годзе праваслаўныя жыхары горада Оршы атрымалі ад Іерусалімскага Патрыярха граматы на заснаванне мужчынскага манастыра. Праз тры гады пачалося будаўніцтва першай манастырскай драўлянай царквы. Яе асвяцілі ў гонар свята Богаяўлення. Так манастыр стаў Богаяўленскім. А Куцеінскім яго сталі называць, таму што бліз яго пряцякала рака Куцейна. У XVII стагоддзі на тэрыторыі манастыра была пабудавана мураваная царква ў стылі барока, якая дзейнічае і сёння.

Богаяўленскі сабор

Богаяўленскі сабор

На тэрыторыі абіцелі працавалі майстры, у тым ліку спецыялісты па апрацоўцы дрэва — кругавой разьбе, але самае важнае — была створана друкарня, адна з самых вялікіх на беларускіх землях. Асноўнай мэтай друкарні стала выданне даступных для розных слаёў грамадства кніг рэлігійнага і асветніцкага зместу. Кіраваў ёй вядомы друкар Спірыдон Собаль. Нажаль, дзейнасць гэтай друкарні спынілася ў 1654 годзе з-за руска-польскай вайны.

Богаяўленскі манастыр, другая палова 19 ст

Богаяўленскі манастыр, другая палова XIX ст.

А ў 1812 годзе прыйшоў у заняпад і манастыр. Лаўра была разрабавана. У 1885 годзе загарэўся ад удару маланкі і быў знішчаны пажарам Богаяўленскі сабор. Пасля гэтага рабілася некалькі спроб аднавіць абіцель, але яны былі амаль што безвыніковымі. Толькі ў васьмідзесятых гадах XX стагоддзя манастыр быў перададзены Праваслаўнай Царкве. Абіцель адраджаецца.

Свята-Духаўская (Траецкая) царква1

Свята-Духаўская (з 1762 г. — Траецкая) царква

IO0s3g6

 

СВЯТА-МІКОЛЬСКІ САБОР,

СВЯТА-МІКОЛЬСКІ ЖАНОЧЫ МАНАСТЫР, МАГІЛЁЎ

Sv_Nik

Гісторыя жаночай абіцелі пачалася ў XVII стагоддзі, калі кіеўскі мітрапаліт Пётр (Магіла) атрымаў згоду польскага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава IV на будаўніцтва ў Магілёве царквы святога Мікалая. У 1637 годзе была пабудавана часовая драўляная Мікольская царква. А ў 1669 годзе пачалося ўзвядзенне каменнага сабора. Праз тры гады ён быў пабудаваны і асвечаны ў гонар свяціцеля Мікалая.

Sv_Nik3

Царква святога Мікалая ў пач. XX ст.

У пачатку XVIII стагоддзя манастыр быў падвергнуты нападу шведаў, а пазней — пасля вызвалення горада расійскімі войскамі — татарскіх і калмыцкіх палкоў. Абіцель была падпалена і значна пацярпела падчас пажару. У 1719 годзе апошнія манахіні перасяліліся ў Баркалабаўскі манастыр. У гэты ж час пачаў дзейнічаць мужчынскі манастыр, які праіснаваў да 1754 года. З гэтага часу і да 1930-х гадоў XX стагоддзя манастыр дзейнічаў як звычайны прыход.

У савецкія часы ў Мікольскім храме размяшчалася перасыльная турма, кніжная база. Манастырскі комплекс быў значна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Sv_Nik4

Свята-Мікольскі манастыр пасля вайны

Sv_Nik2

Свята-Мікольскі сабор. Сучасны выгляд

Sv_Nik1

Свята-Мікольскі сабор. Сучасны выгляд

Акрамя Мікольскага храма на тэрыторыі абіцелі захаваліся такія помнікі архітэктуры XVII-XVIII стагоддзяў, як Ануфрыеўская царква, званіца, агароджа з уяздной брамай.

Anufr

Ануфрыеўская царква

З дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя манастыр адраджаецца.

IO0s3g6

СВЯТА-УСПЕНСКІ САБОР,

СВЯТА-УСПЕНСКІ ЖЫРОВІЦКІ МАНАСТЫР
Sv_Uspenskij

Свята-Успенскі сабор

У XVI стагоддзі ўладальнікам маёнтку Жыровіцы стаў маршалак Вялікага Княства Літоўскага Іван Аляксандравіч Солтан. Ён пабудаваў на месцы знішчанага пажарам драўлянага храма новую каменную царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Пры гэтай царкве і ўзнік мужчынскі манастыр.

А ў 1629 годзе пачалося ўзвядзенне велічнага Успенскага сабора. Храм не аднойчы перабудоўваўся і рэканструяваўся. Сучасны выгляд ён атрымаў у другой палове XIX стагоддзя.

Жыровіцкая абіцель мае цікавую багатую гісторыю. Больш падрабязна пра манастыр можна пачытаць на афіцыйным сайце.

IO0s3g6

ЗВАНІЦА,

ВЁСКА ШАРАШОВА ПРУЖАНСКАГА РАЁНА БРЭСЦКАЙ ВОБЛАСЦІ

shereshevo-kolok_1

У звычайным гарадскім пасёлку Шарашова за сценкай крамы знаходзіцца ўнікальны помнік народнага драўлянага дойлідства канца XVIII стагоддзя — званіца. Яна была пабудавана каля Свята-Прачысценскай царквы, зруйнаванай савецкімі ўладамі ў сярэдзіне XX стагоддзя. Званіца мае выразны сілуэт, мінімалістычнае архітэктурнае рашэнне. Знаходзіцца на кансервыцыі.

Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы кнігі «Спадчына Беларусі» (Мінск, 2007), Вікіпедыі

Фота: адкрытыя электронныя крыніцы, Traveling.by, Fotobel.by, Planeta Belarus

Думка аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Comments

Comments are closed.