О ГЛАВНОМ

RSS
Фев
24

СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ

Sinkovichi1

Працяг

ПРАВАСЛАЎНЫЯ ХРАМЫ XV-XVI СТСТ.

XV-XVI стагоддзі ў гісторыі нашай краіны называюць залатым векам. У гэты перыяд мясцовымі дойлідамі ўзводзяцца храмы-крэпасці ў Сынкавічах і Мураванцы, велічныя магнацкія замкі ў Міры і Нясвіжы. Засноўваюцца новыя навучальныя ўстановы, беларуская мова становіцца дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. З’яўляецца партрэтны жывапіс, удасканальваецца скульптура і іканапіс… На жаль, велізарныя каштоўнасці беларускай культуры падчас шматлікіх ваенных канфліктаў неаднаразова рабаваліся і вывозіліся за межы краіны. Але некаторыя часткова або цалкам захаваліся і да нашых дзён…

СВЯТА-МІХАЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА
Ў ВЁСЦЫ СЫНКАВІЧЫ

Sv_Mih_Sinkovichi

Свята-Міхайлаўская царква

Існуе легенда, што Міхайлаўскую царкву ў вёсцы Сынкавічы Зельвенскага раёна Гродненскай вобласці заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы.

Аднак сучасныя мастацтвазнаўцы і гісторыкі архітэктуры схіляюцца да думкі, што храм быў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя, магчыма, на сродкі вялікага гетмана Літоўскага Канстанціна Астрожскага, які быў фундатарам падобных па архітэктуры Траецкай і Прачысценскай цэркваў у Вільні.

У 1880—1881 гадах храм быў рэканструяваны: заменены дах, пабудаваны прытвор і купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храма.

Sinkovichi2

У 2011 годзе на паўднёвай сцяне храма пад слаямі фарбы і тынкоўкі былі знойдзены старажытныя графіці, якія ўтрымліваюць цытату з Евангелля на старажытнагрэчаскай мове.

Высокі двухсхільны дах надае будынку стройнасць і лёгкасць. Верхняя частка вежаў — васьміграннік з трыма ярусамі байніц. Дзве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсць байніцы. У вежах знаходзяцца лесвіцы, якія некалі вялі да байніц, размешчаных у франтоне.

Верхняя частка сцен, акрамя ўсходняй, ахоплена магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам храма сачыць за дзеяннямі праціўніка і весці агонь на большыя адлегласці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу для абароны. Акрамя таго, яны з’яўляюцца важным элементам і сродкам упрыгожвання храма. Асабліва ўмацавана заходняя сцяна царквы. У шчыце франтона зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстаны «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемент, які выконваў ролю назіральнага пункта.

IO0s3g6

 

СВЯТА-РАСТВА-БАГАРОДЗІЦКАЯ ЦАРКВА Ў ВЁСЦЫ МУРАВАНКА

Muravanka1

Свята-Раства-Багародзіцкая царква

Царква ў Мураванцы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці — адзін з выдатнейшых помнікаў абарончага храмабудаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яе будаўніцтва пачалося ў 1524 годзе. Храм пабудаваны ў традыцыях гатычна-рэнесансавага стылю.

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1656 годзе царква значна пацярпела. А у Вялікую Паўночную вайну ў 1706 годзе  трапіла пад гарматны абстрэл войскаў шведскага караля Карла XII, якія ішлі на Палтаву. У выніку абстрэлу будынак атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні. Па гэтым храм прыйшоў у заняпад.

Паводле адных крыніц, будынак аднавілі ў 1817 годзе, паводле іншых — у 1822 годзе. У 1871—1872 гадах праводзіўся капітальны рамонт будынка, у час якога да галоўнага фасаду прыбудавалі прытвор, а над заходнімі вежамі — дадатковы ярус. Дваццаць першага студзеня 1873 года царкву наноў асвяцілі.

Muravanka,_V._Griaznov,_1874

Мураванкаўская царква. 1874 г. Малюнак В. Гразнова

У дваццатыя гады мінулага стагоддзя царква адышла рыма-каталікам. У час Другой сусветнай вайны будынак быў значна пашкоджаны, у пачатку пяцідзесятых — адрэмантаваны. Але савецкая ўлада храм зачыніла, і толькі ў канцы васьмідзесятых — пачатку дзевяностых храм ізноў перадалі праваслаўным вернікам.

Muravanka2

Храм мае адметныя круглыя вежы; заходнія вежы ў дыяметры каля 4,5 м, таўшчыня сцен — блізкая да 1,8 м, а першапачатковая вышыня — каля 14 м; усходнія вежы меншых памераў — дыяметр усяго 3 м, таўшчыня сцен — каля 1 м, вышыня амаль такая ж, як і ў заходніх. У вежах размяшчаюцца вітыя сходы, якія вядуць да байніц. Кожная байніца мела від даволі вялікага праёму перакрытага акруглай аркай, які паступова звужваецца да сярэдзіны. Над байніцай — невялікая адтуліна для назірання за праціўнікам. Галоўны ўваход у храм абараняла цяжкая рашотка-герса, якая спускалася на ланцугах з нішы над уваходам.

Фасады храма насычаны дэкаратыўнымі элементамі. Нішамі ўпрыгожаны не толькі сцены, але і вежы, апсіда. Усё збудаванне ахоплівае дэкаратыўны паясок — рад цэглы, пакладзенай пад вуглом. Спалучэнне цёмна-чырвонага фона сцяны з белымі паясамі і нішамі надае храму асаблівае хараство, таму яго фасады не выклікаюць уражання суровасці.

IO0s3g6

 

СПАСА-ПРААБРАЖЭНСКАЯ ЦАРКВА
Ў ЗАСЛАЎІ

Preobr_Zasl

Спаса-Праабражэнскі сабор

Спаса-Праабражэнскі сабор у Заслаўі з’яўляеца помнікам рэнесанснай архітэктуры. Першапачаткова ў другой палове XVI стагоддзя храм быў узведзны як кальвінскі збор. Яго заснавальнікам стаў тагачасны ўладальнік Заслаўя Ян Глябовіч.

Збор размяшчаўся на тэрыторыі ўмацаванага бастыённага замка. Храму таксама надавалася абарончае значэнне і, верагодна, па ўсім яго перыметры ў верхняй частцы сцен былі байніцы. Пры кальвінскім зборы існавала школа, дзе маглі вучыліся дзеці розных саслоўяў. 

Star_Zasl

Старажытнае Заслаўе

У 1628 годзе новыя ўладальнікі Заслаўя Сапегі аддалі збор пад касцёл Архангела Міхаіла. У 1678 годзе касцёл часткова перабудоўваецца: убіраюцца элементы абарончага значэння, з’яўляецца атыкавы пояс — характэрны элемент архітэктуры рэнесансу.

У 1833 годзе касцёл пераходзіць да уніятаў, а пасля Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1839 годзе — да праваслаўнай Царквы.

Царква дзейнічала да сярэдзіны трыццатых гадоў, пасля гэтага ў ёй размяшчаўся мучны склад. Будынак быў пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, адрэстаўыраваны ў пачатку семідзесятых гадоў, у васьмідзесятыя ізноў перададзены праваслаўным вернікам.

Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы кнігі «Спадчына Беларусі» (Мінск, 2007), Вікіпедыі

Фота: адкрытыя электронныя крыніцы, Planeta Belarus

Думка аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

 

 

 

 

 

 

Comments

Comments are closed.