О ГЛАВНОМ

RSS
Сен
04

ЗА СЯБРОў СВАіХ

Vmesto_2

У шыкоўны час мы з вамі жывем, паважанае спадарства. Я сур’ёзна кажу пра гэта. Вы толькі уявіце сабе, колькі магчымасцей перад намі узнікае сёння: абляцець свет можна за некалькі гадзін, а данесці інфармацыю самага рознага кшталту можна за некалькі секунд у любы куток нашай планеты (а магчыма, і за яе межы). Канешне, далёка не ўсюды і далёка не кожнаму гэта дасягальна, але я маю на ўвазе перш за ўсё сваіх суайчыннікаў — беларусаў. Вы толькі уявіце сабе. Яшчэ напачатку гэтага стагодзя, падчас навучання ў адной са шматлікіх ВНУ нашай краіны, я захапіўся адной кнігай (каму цікава, гэта быў адзін з твораў нямецкага філосафа Ніцшэ, які дакладна, ўжо не згадаю, але здаецца, што “Па той бок дабра і зла”). Дык вось, прачытаць тады мне яе так і не выдалася, таму што адзіны экзэмпляр у бібліятэцы не давалі на рукі нават у чытальнай зале (бо знаходзіўся ён у выкладчыка). А цяпер амаль што любую кнігу можна знайсці ва “усясветнай павуціне” у вольнай дасяжнасці, прычым ты можаш як прачытаць тэкставы варыянт анлайн, так і сцягнуць яго, а потым прачытаць па-за межамі сеткі, а у дадатак можаш знайсці яшчэ і аўдыёверсію.

Яшчэ адзін успамін датычыцца сучасных высокіх дасягненняў. Аднойчы мяне спыніў знаёмы і запытаў, чаму гэта ў мяне ногі ў каленях падкошваюцца. Я з вялікім задавальненнем прыпыніўся і з пачуццём пэўнага гонару пачаў выхваляцца сваім заплечнікам, у які з лёгкасцю улазіў поўны збор твораў Іаана Златавуста ў 25 тамах, якія змяшчаліся ў чатырох велізарных кніжышчах. На што мой выпадковы субяседнік, нават нібы з нейкай пагардай, адказаў:”Вось — дзесяць поўных збораў Златавуста”, — дастаўшы з кішэні нейкую скрыначку, падобную на смартфон, якая апынулася, насамрэч, электроннай кнігай. Я, быццам бы не здагадаўшыся аб тым, што мяне параўналі з выкапнёвай жывёлай, узваліў прызначаны для знаёмага святара падарунак на плечы ды падаўся далей.

Але ўсё ж прыхільвае не гэта. Робіцца сапраўды радасна, што магчымасцей у чалавека з кожным днём становіцца ўсё болей і болей. І ў першую чаргу — магчымасцей ствараць дабро. На сённяшні дзень хваробы, якія яшчэ гадоў сто таму выкошвалі мільёны, цяпер перамагаюцца адной прышчэпкай. А з хваробамі, з якімі трыццаць гадоў таму чалавек мог пражыць толькі некалькі год, можна даволі няблага жыць усё жыццё. Раней, калі раптам дзесьці наганялі стыхійныя бедствы прыроднага альбо тэхнагеннага характару, то колькасць ахвяр дасягала непамерных велічынь, перш за ўсё менавіта з-за наступстваў катастрофы, а не самога адбыцця падзеі. А пры сучасным развіцці ратавальнай тэхнікі і медыцынскіх дасягненнях нават самая жудасная аварыя у самых цяжкадаступных месцах можа быць пераадолена з найменьшымі стратамі.

Канешне, у гэтага медаля ёсць яшчэ адзін, зваротны, бок. Вы, пэўна, здагадваецеся, аб чым пойдзе гаворка у некалькіх наступных радках. На вялікі жаль, напрацягу ўсяго існавання чалавецтва разам з дабрынёй і міласэрнасцю існуе жорсткасць і бязлітаснасць. Так было у часы Каіна з Авелем, так адбываецца і сёння. І наколькі павышаецца ўзровень дапамогі чалавеку пры самых неспрыяльных абставінах, настолькі і ўзвышаецца яго бездапаможнасць пры самых, здавалася б, парніковых умовах існавання. Вы толькі параўнайце лічбы. У перыяд існавання самай крыважэрнай суполкі людзей за ўсю гісторыю планеты Зямля — Мангольскай імперыі (ХІІІ-ХVстст) — па самых горшых падліках загінула каля 60 мільёнау чалавек. Гэта пры тым, што войнамі з татара-манголамі былі звязаны у асноўным жыхары хоць і самага густанаселенага, але ўсё ж — аднаго,  кантыненту (у дадатак толькі жыхары Усходняй Еўропы цярпелі ад гэтых прыхільнікаў коней ды бараніны). За шэсць гадоў другой сусветнай вайны, якой былі ахоплены ўсе заселеныя пяць частак свету, загінула каля 150 мільёнаў чалавек. Вельмі шкадуючы, але ж можна заўважыць, што пасля самай жудаснай вайны у гісторыі чалавецтва гэтае самае чалавецтва спыняцца не жадала, а наадварот, нават напрыканцы ХХ стагоддзя, у выніку гонкі ўзбраенняў, напэўна, ужо трэба было не зыходзіць, каб узяць штосці з хаты сваёй таму, хто на даху, а таму, хто ў полі, не вяртацца, каб ўзяць вопратку (Мф.24,16-18). Свет у той момант нагадваў парахавую бочку, на якой гулялася з запалкамі маленькае капрызнае дзіцятка, і невядома было нікому, чым яно будзе вабіць сябе праз імгненне.

Але ў любы час і пры любых абставінах чалавек можа заставацца чалавекам. Калі прыходзіцца чуць гісторыі з жыццяў святых, перш за ўсё западае ў памяць і сэрца маштабнасць: колькасць звернутых да веры, уратаваных ад рознага кшталту пакут душаў і жорсткасць катаванняў, да якіх звярталіся ворагі хрысціянства, праследавальнікі яго вызнаўцаў. І не абавязкова разбіраць гісторыі першых вякоў хрысціянства, калі ад адной толькі пропаведзі звярталіся да Хрыста тысячы людзей. Можна ўзгадаць, напрыклад, хрышчэнне Русі святым князем Уладзімірам, калі ў веру звярнулі амаль цалкам насельніцтва адной дастаткова буйной дзяржавы (дакладная лічба невядома, але ў шматлікіх крыніцах узгадваюцца сотні тысяч людзей). Але ж больш прывабна будуць выглядаць лічбы з біяграфій амаль што нашых суайчыннікаў. Калі ўзгадаць жыццяапісанні такіх людзей, як Вялікая княгіня Елісавета, Джузэпэ Маскаці, Іаан Шанхайскі, то можна адзначыць, што кожны дзень гэтых людзей быў цалкам прысвечаны іншым людзям: амаль усе 24 гадзіны яны шукалі, каму побач з імі было дрэнна, і тут жа рабілі ўсё магчымае, а часам і немагчымае, каб аказаць дапамогу, падтрымаць у цяжкую хвіліну жыцця. Гэта вельмі уражвае, але я хачу падзяліцца з вамі гісторыяй, якая можа падацца на першы погляд даволі непрывабнай, шэрай і нават троху надуманай.

Такім чынам, адной даволі цёплай ліпеньскай ноччу 1941 года у Асвенцыме вынайшлі, што з лагера збёг адзін зняволены. Пры злове уцекача чакала немінуючая галодная смерць. Па правілах, якія існавалі ў лагеры, калі парушальніка дысцыпліны не знаходзілі да захода сонца, замест яго пакаранне насягала дзесяць іншых чалавек, выбраных камендантам. Пакуль салдаты шукалі ўцекача, усе насельнікі барака, адкуль збёг гэты чалавек, стаялі пад пякучым сонцам і глядзелі, як іх вельмі бедную страву вылівалі ў канаву. Да вячэрняй паверкі нікога не знайшлі. Тады нямецкі афіцэр з прозвішчам Фрыцш, які з’яўляўся камендантам лагера, прайшоўшы ўздоуж шэрэнгі зняволенных, вызначыў тых 10 выпадковых чалавек, што павінны былі атрымаць пакаранне замест збёгшага. Калі Фрыцш паказаў на апошняга, дзясятага, то знясілены палонны заплакаў, вымавіўшы: ”Што ж будзе з дзецьмі, бедная жонка!” Гэта быў польскі салдат сержант Францішак Гаёўнічак. Праз імгненне адбылося тое, што зрынула ў шок усіх. Са строю выйшаў чалавек і даволі зычна прамовіў:

— Дазвольце мне заняць яго месца!

 

Franciszek_Gajowniczek

Францішак Гаёўнічак у лагеры

Камендант спыніўся і ледзь не на хвіліну проста застыў на месцы. Нібы не разумеючы, што адбываецца, шукаючы вачыма падтрымкі ў сваіх падначаленых, ён спытаў:

— Што?

У паветры павісла маўчанне, якое парушыў чалавек, які выйшаў са строю:

— Гэты чалавек даволі малады і дужы, ён можа спатрэбіцца яшчэ вам для працы, а я значна старэйшы, тым больш і хворы. Нашто я вам ужо — дазвольце мне заняць яго месца, — і ён кінуў позірк у бок польскага салдата.

— Ты хто? — нямецкага афіцэра вельмі ўразіла смеласць дабраахвотніка.

 

5.Карл Фрицш

Карл Фрыцш, камендант лагера

 

— Я каталіцкі святар.

Яшчэ хвіліну над лагерам гучала мёртвая цішыня, пакуль паветра не рассёк металічны лязг Фрыцшавых слоў:

— Просьба здаволена.

 

Vmesto

 

Пасля гэтага асуджанных чакала амаль што двухтыдневае гвалтаванне: іх распранулі дагала і пасадзілі ў бетонны бункер, ежы ім, і нават вады, аніякай не давалі. Калі хто, знясілены ад знямогі, прасіў есці ці піць, то атрымліваў пабоі, ад якіх паміраў. Такім чынам, пасля двухтыднёвых здзекаў жывымі засталіся толькі чатыры чалавекі. Паколькі памяшканне неабходна было вызваліць (для новых ахвяр), гэтым “асілкам” увялі смяротную дозу карболавай кіслаты. Апошні са смяротнікаў выпусціў дух 14 жніўня 1941 года, напярэдадні Свята Успення Божай Маці. Гэтым апошнім апынуўся як раз той, які раней папрасіў заняць месца апошняга вызначанага.

Вось такая гісторыя… якая падобна на апавяданне пісьменніка, што вырашыў апісаць жах вайны з некаторай акалічнасцю, напэўна, каб іншае пакаленне не паўтарала жудасны прыклад сваіх продкаў. Але, насамрэч, гэты расповед з’яўляецца жыццёапісаннем каталіцкага святога, Максімільяна Кольбе.

 

Kol'be

Максімільян Кольбе

 

Максімільян Марыя Кольбе (пры нараджэнні Раймунд Кольбе) пражыў даволі звычайнае жыццё, але усё ж трэба адзначыць, што ён быў заснавальнікам адразу дзвюх манастыроў: на радзіме у Польшчы і ў Японіі. Прычым у абодвух манастырах існавалі рэдакцыі газет і семінарыі. Гэта вельмі значныя дасягненні, але дакументальныя звесткі пра пропаведзі, ад якіх да хрысціянства звярталіся тысячы чалавек, альбо цудадзейныя прыклады з жыцця Кольбе чалавецтву не знаёмы. Тым не менш, нішто не перашкодзіла яму здзейсніць учынак, які я апісаў трошку вышэй, тым самым выканаўшы запавет : “большай любові ні ў кога няма, як тая, калі хто душу сваю паложыць за сяброў сваіх”(Ін.15;13).

 

Аўтар Павел Вабішчэвіч

Фота: адкрытыя інтэрнэт-крыніцы

Меркаванне аўтара можа адрознівацца ад пазіцыі рэдакцыі.

 

Comments

Comments are closed.