І БЫЛА ТАМ ВЯСНА…
…але вочы іх былі стрыманы,
дык не пазналі Яго.
Паводле Евангелля ад Лукі
І была там вясна,
як наша,
хай не лозы цвілі, а міндаль:
распалялі зялёныя пашы
весніх красак пурпурны вугаль,
па далінах бляялі ягняты,
маткам тулячыся да ног,
і буйных белых зор зярняты
рассыпалі лілеі ў лагох…
Срэбна-шэра
курэў гарэшнік,
шнур алівак і вінных лоз…
А вясне напярэймы, сцежкай,
ціха йшоў
Уваскрэслы Хрыстос.
Сам —
нясцерпнае ззянне —
у зьзянні,
смерцяй смерць растаптаўшы ушчэнт,
Ён ішоў, і нязгойныя раны
на чале ірдзянелі яшчэ…
У дзіўным, у святым захапленні
Богу-Сыну малілася ўсё —
агародж прыдарожных каменні,
маладых ячмянёў калассё,
цёплы вецер, што згортваў з дарогі
вір пялёсткаў… і сонечны пыл…
і трава, што прабітыя ногі
цалавала, схіліўшы сцяблы…
А пасля –
пацягнуўся шляхамі,
ў скрыпе рогату, крыкаў, калёс,
і народ…
Толькі хто з іх, няўцямных,
знаў, што побач –
Уваскрэслы Хрыстос?
Праплывалі,
сляпыя,
міма
Боскіх цёплых, пясцівых рук
юнакі з залатымі вачыма,
сцені старцаў, сагнутых у крук,
ды ніхто не схінуў каленаў,
да далоняў святых не прынік,
хай прад сцерплай ад слёз Магдалінай
на імгненне і ўзнік Садаўнік.
І ніхто не азваўся:
«Равуні»,
сам не верачы ў шчасці вачам,
смарагдовых пальмовых галінаў
наламаўшы,
не выбег страчаць…
Падцікаўся нячутна вечар,
сіні змрок…
I не бачыў ніхто
з недарэчных сыноў чалавечых,
як мінаў іх,
раз сто,
Хрыстос,
як ішоў Ён, схіліўшы на грудзі,
светлы твар Свой,
паўз весняй хвалы…
Гора,
гора,
о гора вам, людзі,
бо і сёння
сляпыя вы!
Аўтар Наталля Арсеннева
Верш напісаны у 1958 годзе.
З кнігі «Насустрач Духу» (Мінск: «Ураджай», 2001)
Фота: адкрытыя інтэрнэт-крыніцы
Comments
Comments are closed.