О ГЛАВНОМ

RSS
Апр
27

ВОБРАЗ БОЖАЙ МАЦІ НА ВОСТРАЙ БРАМЕ

ікона

Багародзіца, Ты сведка маёй долі,

У балеснасці сэрца са слязьмі Цябе ўпрашаю:

Дай мне цярплівасць згаджацца з Божай воляй,

Каб смутак без палёгкі я мужна зносіў.

З такімі словамі невядомы паэт звяртаецца да Божай Маці, моліцца перад Яе вобразам “Вострабрамская”, альбо “Віленская». Да гэтага вобраза Багародзіцы звярталіся ў сваіх творах шматлікія паэты, сярод іх Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Максім Багдановіч. “Вострабрамская Віленская” ікона Божай Маці асабліва ўшаноўваецца на беларускіх землях, тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Вобраз напісаны на дубовай дошцы, выява паясная. Мы бачым Божую Маці у момант Дабравешчання. Ікону ўшаноўваюць як каталікі, так і праваслаўныя.

Сёння гэты вобраз успамінае Праваслаўная Царква.

Захавалася некалькі паданняў пра гісторыю ўзнікнення вобраза. Згодна адному з іх, ікона была прынесена з Корсуні вялікім князем Альгердам і падаравана першай жонцы Марыі. Другая жонка, Іуліанія, перадала ікону ў Троіцкую царкву, адкуль вобраз патрапіў у капліцу каля Вострай брамы — варот гарадской сцяны ў Вільні.

Другое паданне апісвае тое, што ікона была прыслана Альгерду грэчаскім імператарам Іаанам Палеалогам, калі той даведаўся, што Альгерд прыняў хрысціянства.

Згодна з трэйцяй крыніцай, ікона сама з’явілася цудоўным чынам на браме 14 красавіка 1431 года.

брама

Вострая брама у Вільні

Несумненным з’яўляецца адно: у 1431 годзе ікона ўжо знаходзілася ў капліцы недалёка ад Свята-Троіцкай царквы ў рускім (ці вострым) канцы горада Вільні і называлася Корсуньскай.

У 1498 годзе ў Вільні ў сувязі з небяспекай магчымага нападзення татараў былі закладзены новыя гарадскія каменныя сцены, збудавана брама з вежай, над якой была ўладкавана каплічка. На гэту каплічку (звонку) і была прыстасавана Корсуньская ікона. Паколькі капліца была размешчана ў “вострым” канцы горада на браме, то паступова і назва іконы змянілася на “Вострабрамскую”.

Падчас уніі вобраз Найсвяцейшай перайшоў ва ўласную маёмасць базыліян, а потым, прыблізна у 1624 годзе, — кармелітаў, якія захапілі капліцу і ікону. Пасля жудаснага пажару ў Вільні ў 1714 годзе ікона была перанесена ў Тэрэзінскі касцёл, але ў 1744, калі капліца была адноўлена, яе ізноў размясцілі над брамай.

У пачатку 19 стагоддзя базыліяне спрабавалі звярнуць святыню ў сваю маёмасць, спрэчка дасягнула Рыма, і папа загадаў пакінуць ікону пад апекай мясціны кармелітаў, паколькі яна знаходзілася бліжэй да капліцы, у якой быў змешчаны вобраз.

Lady_of_the_Gate_of_Dawn_Vilnius_Lithuania

Вострабрамскі вобраз без рызы

У 1812 годзе ікона была нязначна пашкоджана французамі, а ў 1829 — адрэстаўравана. Пасля закрыцця ў 1832 годзе манастыра кармелітаў Тэрэзінскі касцёл змяніў назву на Вострабрамскі і застаўся ў падпарадкаванні рымска-каталіцкага духавенства. А цудадзейны вобраз Найсвяцейшае Дзевы Марыі і дасёння «свеціць у Вострай браме” вернікам.

 

Фота: інтэрнет-крыніцы

Думка аўтара можа не супадаць з поглядам рэдакцыі.

 

 

 

Comments

Comments are closed.