О ГЛАВНОМ

RSS
Янв
24

Благаслаўляйце ганіцеляў вашых; благаслаўляйце, а не праклінайце

vl_hirasko_portret

Сёння святая Царква ўшаноўвае памяць свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска. Дзякуй Богу, беларуская зямля мае не так мала нябёсных заступнікаў — тых, што сваім праведным жыццём асвячалі месца, на якім жылі, а цяпер з’яўляюцца ахоўнікамі гэтых месцаў і іх жыхароў. І моляць Усемагутнага Бога аб літасці да народа, да якога яны самі належылі падчас свайго зямнога існавання. Гэта і Святая Еўфрасінія Полацкая, і свяціцель Кірыла Тураўскі, і прэпадобны Елісей Лаўрышэўскі, ды і шмат хто яшчэ. За сваю гісторыю Беларусь заззяла на небасхіле святасці лічы ўжо 79 зоркамі. Багата гэта, ці не вельмі, разважаць не нам з вамі, паважаныя чытачы, але адзначыць гэта будзе ўсё ж не лішне. Можна дадаць, што ўзрасла да такой велічыні гэтая лічба толькі за апошнія дваццаць гадоў, а амаль што да канца ХХ стагоддзя ў беларускіх святцах значылася толькі 14 імёнаў. Канешне, нельга ніяк ацэньваць Божы промысел: ці карысна гэта было ды для каго, калі так, але ж нельга не адзначыць, што сярод жорсткасці, парою нават нечалавечай, знайшлося месца і для ўзгарання небывалай чалавечай любові, падобнай на тую, якую яўляў калісці сам Хрыстос. Такім чынам, гэта стала падставай, каб сярод гэтага шэрага святасці вызначыліся таксама імёны 23 вызнаўцаў праваслаўнай веры. У гэтым спісе значыцца і імя Уладзіміра Хіраска.

Такім чынам, нарадіўся Уладзімір Рыгоравіч Хіраска 11 студзеня 1874 года у сям’і святара у горадзе Падольску, што на Украіне. Пасля сканчэння Падольскай духоўнай семінарыі працаваў настаўнікам цархоўна-прыхадскіх школ у Беларусі, У 1899 годзе быў рукапаложаны ў іярэі і прызначаны настаяцелем царквы Узнясення Гасподня ў сяле Амельна Ігуменскага павета (цяпер Чэрвеньскі раён). У Амельна ацец Уладзімір праслужыў 7 гадоў. Яго пастырскі талент з асаблівай прагнасцью праявіўся праз святую справу выкладання закона Божага. За заслугі ў царкоўна-школьнай справе ў 1906 годзе быў узнагароджаны скуф’ёй. Пасля Амельна ацец Уладзімір на працягу пяці гадоў служыў у Свята-Георгіеўскай царкве сяла Юрэвічы таго ж самага павета. Калі ў 1911 годзе айца Уладзіміра пераводзілі ў Менск, то жыхары вёскі плакалі і не хацелі адпускаць свайго настаяцеля. У Менску ацец Уладзімір стаў настаяцелем царквы іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”, пры вучылішчы сляпых. Адначасова ён выкладаў закон Божы ў мужчынскай і жаночай гімназіях горада, а таксама працаваў у Мінскім епархіяльным папячыцяльстве аб бедных духоўнага звання. У нястомнай царкоўнай працы працякала жыццё а. Уладзіміра. Характар ён меў міралюбівы і спагадны, асаблівую увагу праяўляў да сляпых дзяцей, якіх вучыў у вучылішчы асновам праваслаўнай веры, стараючыся умацаваць у іх дух бадзёрасці ды пакорлівасці. Пасля рэвалюцыі бацюшка працягваў служыць у Мінску, яго двойчы арыштоўвалі, але абодва разы адпускалі. Найбольш цяжкія выпрабаванні выпалі на долю святара напрыканцы 1925 года, калі з Менску выслалі мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага). Ацец Уладімір добра ведаў уладыку і разам з вернікамі спрабаваў аблегчыць ягоны лёс, звяртаўся ў розныя інстанцыі з просьбамі не высылаць ўладыку. За гэта і пацярпеў…

VH5

Протаіярэя Уладзіміра Хіраска арыштавалі 29 снежня 1925 года, яму прад’явілі ілжывае абвінавачванне ў сувязях з польскім Генеральным Консульствам. Матушка айца Уладзіміра — Марыя Цітаўна — засталася адна з пяццю непаўнагадовымі дзецьмі. Яна спрабавала дабіцца вызвалення мужа, але безвынікова У астрозе ацец Уладзімір сустрэў светлае Нараджэнне Хрыстова. Стараючыся падтрымаць яго, вернікі накіравалі яму некалькі пісем. З іх добра відаць, якой пашанай карыстаўся ён сярод сваіх прыхажан. Вось некаторыя вытрымкі:

Хто Вас ведае, ніколі нічога дрэннага пра Вас не казаў, толькі добрае ды добрае без канца. Але нягледячы на гэта, хтосьці палічыў Вас зланчынцам і ўжо арыштавалі і нават пасадзілі за тую святую праўду, што сцвярджаў сам Іісус Хрыстос. Канешне. Ужо даўно вядома, што ілжа праўду не ўспрымае і на дых. Так рабіў у Віфлееме Ірад, пабіўшы 14000 немаўлят для таго, каб знішчыць праўду, а праўда засталася жыць і будзе жыць.Так і цяпер дзейнічаюць кваліфікаваныя бязбожнікі, што знаходзяцца ва ўладзе.

Падчас допытаў святар катэгарычна адмовіўся назваць імёны людзей, якія звярталіся да яго з гэтымі пісьмамі, хаця добра іх ведаў.

У сакавіку 1926 года яго прымусілі пакінуць Мінск, і ён быў накіраваны ў адміністрацыйную спасылку ў горад Арол. Тры гады ацец Уладзімір правёў у спасылцы, у адрыве ад горача любімай сям’і і паствы, звярнуўшыся толькі ўвесну 1929 года. Ён ізноў стаў служыць пры царкве іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”.

Хутка яго арыштавалі другі раз. У гэты раз званочкам паслужыў артыкул-данос у газеце “Працоўны”, у якой айца Уладзіміра несправядліва абвінавачвалі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Гэтыя абвінавачванні ён адпрэчыў, а ў сваіх паказаннях адзначыў наступнае:

У Менск з Арла я звярнуўся ў аўторак 12 сакавіка …у першы раз набажэнне здзейсніў у суботу 17 сакавіка. Ніякіх сустрэч мне ніхто не ладзіў , я звярнуўся з прывітаннем да сваіх прыхажан, у якім выказаў сваю радасць і падзяку Богу за сустрэчу з імі, і што непазбежныя ў жыцці кожнага нягоды памагае перадолець толькі непахісная вера ў Бога. Мною была выказана пропаведзь на тэму ўседаравання. Дадзеная тэма была абрана таму, што гэты дзень завецца Даравальнай Нядзеляй, калі праваслаўныя вернікі рыхтуюцца атрымаць дараванне грахоў падчас удзелу ў таямніцы пакаяння. У сераду на першым тыдні Вялікага паста перад прычашчэннем я казаў прычаснікам на тэму: “Памяні, мяне, Госпадзі, у Царстве Тваім”, заклікаючы вернікаў добрым жыццём даць магчымасць Госпаду узгадаць хоць штосьці добрае з іх жыцця. У дзвюх апошніх маіх прамовах, вымаўленных 24 сакавіка, аніякіх антысавецкіх ці контррэвалюцыйных лозунгаў не было. У першай з іх праводзілася думка аб тым, што ўрачыстасць праваслаў’я выходзіць з добрага хрысціянскага жыцця,  у другой прамове, зробленнай на пасіі, г.зн., на набажэнні, прысвечанным узгадванню пакут Хрыста, я казаў пра тое, што ўсялякія пакуты ды пазбаўленні у жыцці трэба, па прыкладу самога Хрыста, пераносіть пакорліва. Скончваючы свае паказанні пра факты, што прыведзены у газеце “Працоўны”, якія сведчаць пра маю контррэвалюцыйную дзейнасць, лічу, што фактаў падобных, насамрэч, ніякіх і няма.

Чытаючы паказанні айца Уладзіміра, нельга не звярнуць увагу на тое, наколькі стрымана пераносіў ён цяжкасці, што выпалі на яго долю. Ні адзінага слова нянавісці, ні адзінага гнеўнага ўздыху, толькі пакора ды мір ў душы, быццам бы ён знаходзіўся не ў спасылцы, не пакутаваў.

“Благаслаўляйце ганіцеляў вашых; благаслаўляйце, а не праклінайце” (Рым,12.14). У дусе апостальскіх слоў пераносіў паклёпы ворагаў протаіярэй Уладзімір Хіраска. Тым часам, падчас знаходжання ў астрозе у айца Уладзіміра пагоршыўся зрок. Двойчы святар звяртаўся да турэмнага кіраўніцтва з просьбай прыслаць урача, але так адказа і не атрымаў. Яго выслалі ў Сібір 29 ліпеня 1929 года. За тры гады лагернага жыцця ацец Уладзімір амаль што цалкам аслеп, у 1932, зусім хворага, яго вызвалілі.

Вядома, што апошнія месяцы жыцця ён правёў у горадзе Гжацку Смаленскай вобласці, дзе і быў пахаваны. Дакладнае месца захавання невядома дагэтуль, але ж спробы вынайсці магілу не пакідаюцца і сёння. У апошні час ўсё часцей узгадваюць гэта святое імя, і ні для каго не стала дзівам, што Уладзіміра Хіраска спачатку прызналі мясцовашанаваным святым, а ў хуткім часе Руская царква прызначыла гэтае імя для усецаркоўнага шанавання. У сталіцы Беларусі ўжо больш за 15 год дзейнічае моладзевае брацтва у гонар гэтага святога, а таксама ужо некалькі гадоў існуюць прыходы, што названы у гонар айца Уладзіміра: адзін у горадзе Мінску і адзін у Барысаўскай епархіі. Будзем спадзявацца, што гэта стане добрым пачаткам праслаўлення святара-заступніка Мінска і ўсёй беларускай зямлі.

vladimir_hirasko

 

Аўтар Павел Вабішчэвіч

Фота: адкрытыя інтэрнэт-крыніцы

Погляд аўтара можа адрознівацца ад думкі рэдакцыі.

Comments

Comments are closed.